Премия Рунета-2020
Россия
Москва
+5°
Boom metrics
Минск8 сентября 2017 13:59

Мой Менск. Горад шакаладных сыркоў і маіх летуценняў

Пра горад, які стаў мне родным
Ганна Севярынец
Дворец спорта 1970—1974. Источник: "Иллюстрированная история СССР"

Дворец спорта 1970—1974. Источник: "Иллюстрированная история СССР"

Першы раз я прыехала ў Менск з Віцебску ў 1988 годзе ў складзе школьнага хору. Нас пасялілі на Трактарным, у інтэрнаце, і вазілі на аўтобусах на рэпетыцыі ў Палац спорту. З той паездкі я памятаю шэрую будыніну за бетонным плотам на цэнтральнай плошчы і сыркі ў шакаладзе ў малюсенькай крамцы ля інтэрнату. У Віцебску тады сыркоў у шакаладзе не было, і Менску за гэта можна была дараваць усё - нават незразумелыя будынкі за бетоннымі платамі. Пра Менск, вялікі горад дарослых магчымасцяў, я марыла потым шмат. Упэўненасці дзявоцкім летуценням дадаваў бясспрэчны факт майго гістарычнага права на Менск: усё ж я там нарадзілася ў сям’і студэнтаў сталічнага філфаку, і студэнцкі інтэрнат на Паркавай быў маёй неспакойнай калыскай.

У горад сваёй мары і шакаладных сыркоў я прыехала ў 1992-м - каб застацца. Менск стаў маім адразу і назаўсёды: няма ў ім такога раёну, з якім не было б звязана нешта важнае ў жыцці.

Найперш - цэнтр. Сыходжаны нагамі ўздоўж і ўпоперак, ад ціхмянай вуліцы Беларускай да мітуслівай Розачкі, ад старэнькай Прыгожай да новенькай Лодачнай. Ціша старой Ленінкі, імпэт Панікоўкі, прахалода філармоніі і таемная цемра кінатэатру “Піянер”, танныя цыгарэты паштучна на Камароўцы і дарагія сасіскі ў краме “Калбасы” ля філфаку, кавярня ў “Шашках і шахматах” і нават - дзяўчаты там зрэдку - вечары “на Феліксе” - мой Менск быў разбэшчаным і інтэлектуальным адначасова. О, ў гэтым парку па-над Свіслаччу ўпершыню цалавалася, і ля гэтага маста цалавалася, але ўжо з іншым, а ля Чэрвенскага цалавалася… Божа! Няўжо ж гэта можна было - столькі цалавацца?

І цэнтрам усяго гэтага цэнтру - прыстань маёй душы, любая “сямёрка”, незабыўны мой інтэрнат. Вокны пакоя пад нумарам васемьсот тры я па сёння лёгка адшукваю на тваёй мазаічнай сцяне, едучы электрычкаю са Смалявічау.

Вид на старое здание железнодорожного вокзала "Минск-Пассажирский" не задолго до его сноса. Источник: pastvu.com

Вид на старое здание железнодорожного вокзала "Минск-Пассажирский" не задолго до его сноса. Источник: pastvu.com

У той нашай сямёрцы гаспадарыла развясёлае студэнцтва дзевяностых: оператрад нават пабойваўся хадзіць па пакоях пасля адзінаццаці, а мо, не надта і хацеў. Падрыпаныя пакоі, старэнькія ложкі, зашморганы нагамі, але ж паркет, цыгарэтны дым каромыслам ля кухні, наогул – цыгарэтны дым каромыслам, песні пад гітару на тры, на чатыры галасы, бо ўсе пазаканчвалі музычныя школы і кожнаму хочацца пець сваю партыю. Падчас сесіі – грыміць з усіх бакоў, ліецца на ўвесь свет, нясецца з чырвоных інтэрнатаў за рэчкай, з сяброўскай “шасцёркі”, з нізенькай “пяцёркі”: “Халя-а-а-а-ава! Прыдзіі-і-і-і-і-і!”

Сёння “сямёрка” ўжо не тая. Навюткія ложкі, навюткія душавыя кабінкі, лінолеўм, відэасалон і більярдная - як раз там, дзе так добра было раней цалавацца, ў прасторнай рэкрэацыі пасярод калідору… Не, ну праўда, колькі ж можна было ў тым Менску цалавацца?

Потым быў Чэрвенскі рынак і вуліца Ляўкова - першы самастойны менскі адрас, потым - Серабранка і Пляханава, і здымная кватэра вокнамі на раку, і блаславёны Усход, дзе не было яшчэ ані Даны Мол, ані бібліятэкі, і на беразе Свіслачы стаялі прыватныя дамкі, крычаў певень і мычала пераможна карова. У яблыневы сад, на месцы якога зараз, як грыбы, растуць новабудоўлі, мы вадзілі гуляць сваю маленькую дачку.

Прыўкрасная вуліца Ландэра і Гай, сярод якога стаяў інтэрнат для аспірантаў, Малінаўка, якая нараджалася і расла на нашых вачах, Паўднёвы Захад і легендарны “Таір”, у якім працавала шэсць неверагодных год, няўтульнасць Шабаноў і гасціннасць Севастопальскага парку - Менск, я ведаю цябе ў кожным метры тваіх дарог. А потым, калі я спатолілася тваім “сёння” - я пабачыла і тваё “учора”.

Праз беларускія кніжкі, праз вершы і апавяданні, праз гістарычныя артыкулы я наноў адкрывала свай Менск: звонкую Пярэспу і шумную Ляхаўку, самотную Кальварыю і імклівы Верхні Горад. Пад асфальтам Маскоўскай вуліцы мне мсціцца руды пясок колішняй Правадной, а над бетоннымі парапетамі набярэжнай Свіслачы - драўляная постаць Плябанскіх млыноў. Я падымаю галаву - і бачу балкон, на якім калісь стаялі, усміхаючыся, Марына і Лі Харві Освальды, а там, цераз праспект - абрысы Омскага завулку, дзе на прыступках утульнага дому п’е гарбату Мойшэ Кульбак. Стаміўшыся, апускаюся на лаўку у парке - тут некалі сядзеў і Купала, і глядзеў на Свіслач, а тая бурчэла і непакоілася, і увесну шчодра залівала дзёрзкай паводкай увесь ягоны дом.

А там і да Асмалоўкі - колькі крокаў, і зноў - звонкая Пярэспа, і “звонка ляскае аб землю векам будучым трамвай”, як ляскаў ён калісь пад вокнамі маладых беларускіх паэтаў.

Калі ехаць з маіх сённяшніх Смалявіч на дачу, якая прытулілася якраз за Вязынкай, цераз Менск ехаць не трэба - мы агінаем яго па новай кальцавой. Стромкая траса імчыць праўз Курган Славы, праз акуратныя жоўтыя палі і кучаравыя аксамітавыя лясы, і раптам устаюць узбоч чорныя курапацкія крыжы, памяць і слёзы майго горада, з якім я сёння - адно.

ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ

Мой Минск: смотрю на зашитый в асфальт проспект, а вижу его утопающим в зелени… (читать далее)

Мой Минск. Город-человек (читать далее)